Автор:
Наталля Архіпава (Віцебск, Беларусь)
У беларускім мовазнаўстве паслядоўнае вывучэнне словаўтваральных асаблівасцей асабовых назваў пачалося з сярэдзіны дваццатага стагоддзя. Калі ў 50-60-я гады гэта былі фрагментарныя палажэнні ў артыкулах, манаграфіях, дысертацыях, то, пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, сталі з’яўляцца працы, поўнасцю прысвечаныя аналізу назоўнікаў са значэннем персанальнасці. У распрацоўку праблем утварэння асабовых назваў унеслі ўклад наступныя навукоўцы: Г.А. Арцямёнак, В.А. Бекіш, В.Л. Варановіч, П.В. Вярхоў, М.Р. Гарбачык, У.М. Генкін, Б.І. Касоўскі, С.С. Кацэвіч, С.С. Клундук, М.М.Круталевіч, М.Н.Крыўко, А.А. Лукашанец, В.А. Ляшчынская, А.А. Мачалава, М.А. Паўленка, У.Т. Піскун, В.І. Сянкевіч, П.У. Сцяцко, В.Б. Хацкевіч і інш.
Між тым, нельга сказаць, што асноўныя пытанні, звязаныя з утварэннем назоўнікаў са значэннем асобы, разгледжаны з дастатковай ступенню паўнаты і канкрэтнасці. Як правіла, рамкі даследаванняў абмежаваны пэўнымі тыпамі, спосабамі, катэгорыямі. Мэта дадзенай працы – апісаць словаўтварэнне семантычнай прыметы ’назвы асобы паводле маёмасці’. Матэрыялам для даследавання паслужылі матываваныя назоўнікі адсубстантыўнага ўтварэння, атрыманыя шляхам суцэльнай выбаркі з Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы [7] і Беларуска-рускага слоўніка [1] (далей ТСБМ і БРС).
Мы ў сваім даследаванні будзем браць за аснову сістэму словаўтваральных катэгорый, прапанаваную А.А.Лукашанцам:
1) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы паводле прадметнай прыметы’;
2) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы паводле сваяцтва’;
3) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы паводле жыхарства’;
4) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы са значэннем падабенства’;
5) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы паводле значэння процілеглага полу’: 1) жаночасці; 2) ‘мужчынскасці’;
6) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы са значэннем недаросласці’;
7) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы са значэннем суб’ектыўнай ацэнкі’;
8) словаўтваральная катэгорыя ‘назвы асобы са значэннем стылістычнай мадыфікацыі’[6, 66].
Калі прызнаваць іерархічны характар арганізацыі сістэмы словаўтварэння, мэтазгодна, на нашу думку, вылучаць словаўтваральныя катэгорыі двух узроўняў: словаўтваральныя катэгорыі першага ўзроўню і словаўтваральныя катэгорыі другога ўзроўню. Пералічаныя намі вышэй катэгорыі, мы будзем адносіць да катэгорый першага ўзроўню, бо кожная з іх “… можа разглядацца як адзінка словаўтваральнай семантыкі больш высокай ступені абстрагаванасці …” [6, 61]. Абагульненасць, абстрактнасць, характэрныя словаўтваральнай катэгорыі ‘першага ўзроўню’, робяць яе найбольш удалай адзінкай для апісання матэрыялу, але не адзінай. Для больш глыбокага пранікнення ў словаўтваральную семантыку вытворнага слова мы лічым неабходным выдзеліць словаўтваральныя катэгорыі другога ўзроўню, якія і ўтвараюць катэгорыі больш высокага (першага) ўзроўню. “Калі … ведаць ансамбль кампанентаў і адносіны, якія паміж імі існуюць, то вышэйшыя ўзроўні можна вывесці з гэтых кампанентаў” [2, 24]. Словаўтваральныя катэгорыі другога ўзроўню можна суадносіць з мінімальнымі сэнсамі, якія, услед за Г. А.Уфімцавай, мы будзем называць “семантычная прымета”. Пад “семантычнай прыметай”, на нашу думку, неабходна разумець “адлюстраванне ў свядомасці носьбітаў мовы розных рыс, якія аб’ектыўна ўласцівы дэнатату або яны яму прыпісваюцца дадзеным моўным асяроддзем і, адпаведна, яны з’яўляюцца аб’ектыўнымі па адносінах да кожнага, хто гаворыць” [4, 95].
У словаўтваральнай катэгорыі ‘назвы асобы паводле прадметнай прыметы’ (першы ўзровень), па нашым меркаванні, можна вылучыць наступныя семантычныя групы вытворных (другі ўзровень): ‘назва асобы паводле грамадскіх, палітычных, навуковых, рэлігійных і іншых накірункаў, плыняў’, ‘назва асобы паводле спецыялізаванай і іншай працоўнай дзейнасці ў сферы прамысловай вытворчасці’, ‘назва асобы ў навуковай сферы’, ‘назва асобы ў сферы медыцыны’, ‘назва асобы ў войсковай сферы’, ‘назва асобы ў сферы спорту і турызму’, ‘назва асобы ў сферы рэлігіі’, ‘назва асобы ў сферы сельскай гаспадаркі’, ‘назва асобы ў сферы мастацтва’, ‘назва асобы паводле агульных паводзін’, ‘назва асобы паводле маўленчых паводзін’, ‘назва асобы паводле сувязі, супастаўлення, падабенства з іншай асобай’, ‘назва асобы паводле сацыяльнага становішча, сацыяльнай прыметы’, ‘назва асобы паводле маёмасці’.
Нешматлікай у сучаснай беларускай мове з’яўляецца семантычная прымета ’назвы асобы паводле маёмасці’ (каля 50 найменняў). Назоўнікі названай семантычнай прыметы як мужчынскага, так і жаночага роду.
Мужчынскія найменні ўтвараюцца:
а) ад нематываваных асноў неадушаўлёных назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду пры дапамозе суфіксаў: -нік (абшар→абшарнік, вотчына→вотчыннік, мыза→мызнік). Суфікс -нік, як вядома, утварыўся ад прыметнікавага суфікса -н і назоўнікавага -ік, таму некаторыя названыя намінацыі можна разглядаць як адпрыметнікавыя ўтварэнні з суфіксам -ік (валочны→валочнік, вотчынны→вотчыннік) [8, 176], -чык (завод→заводчык), -шчык (балаган→балаганшчык, мільён→мільёншчык і інш.), -атар (плантацыя→плантатар), -ер (-эр), -ір, -ар (банк→банкір, мільярд→мільярдэр, мільён →мільянер, рэстарацыя→рэстаратар і інш.), -анер (акцыя→акцыянер), -овец (фальварак→фальварковец);
б) ад матываваных асноў неадушаўлёных назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду пры дапамозе суфіксаў: -чык (уклад → укладчык), -нік (валока→валочнік);
в) ад нематываваных асноў адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду пры дапамозе суфіксаў: -ык (гаспадар→гаспадарык), -іч- ці -іц- (дзед→дзедзіч або дзед→дзедзіц);
г) ад нематываванай асновы неадушаўлёнага назоўніка жаночага роду суфіксальна-прыставачным спосабам (доля→здольнік або доля→здольшчык).
Жаночаыя намінацыі. У лінгвістычных працах сустракаюцца розныя меркаванні па пытанні вытворнасці назоўнікаў са значэннем асобы жаночага полу. Напрыклад, П.У. Сцяцко лічыць, што назвы асоб жаночага полу маюць два шляхі ўтварэння: ад асноў асабовых назоўнікаў мужчынскага роду (чэмпіён→чэмпіёнка і мужчынскія і жаночыя намінацыі ад адной словаўтваральнай базы (школа→школьнік і школьніца). Мы ў сваім даследаванні будзем прытрымлівацца пазіцыі В. Л. Варановіча, што “ўтварэнне назваў асобы жаночага полу ад карэляцыйных назваў асобы мужчынскага полу ў беларускай мове з’яўляецца правілам” [3, 67].
Жаночыя намінацыі пазначанай вышэй семантычнай прыметы, спалучаюць мутацыйнае значэнне ’асоба паводле прадметнай прыметы’ – ‘жанчына да таго, хто названы матывавальным словам’ і дадатковае мадыфікацыйнае значэнне ’жаночасці’ – ‘асоба жаночага полу’. Гэтыя дэрывацыйныя значэнні ўключаюцца ў семантыку матываванага слова паслядоўна на кожным наступным кроку дэрывацыі (ферма→фермер (мутацыйнае значэнне) → фермерка (мадыфікацыйнае значэнне)). Па сваёй словаўтваральнай структуры гэта толькі суфіксальныя ўтварэнні.
Найбольш прадуктыўным для ўтварэння фемінінатываў семантычнай прыметы ’назвы асобы паводле маёмасці’ з’яўляецца суфікс -к-а (акцыянер→акцыянерка, мільянер→мільянерка, уладар→уладарка і інш.). Менш пашыраны намінацыі з фармантамі: -льніц-а (дачаўладальнік→дачаўладальніца, домаўладальнік →домаўладальніца і інш.), -ніц-а (домаўласнік→домаўласніца, землеўласнік→землеўласніца і інш.), -шчыц-а (духаншчык→духаншчыца, балаганшчык→балаганшчыца), -чыц-а (памешчык→памешчыца, укладчык→укладчыца). Дэрываты ўтвораны ад асноў нематываваных і матываваных асабовых назоўнікаў мужчынскага роду.
У адназоўнікавых субстантываў, што называюць асобу адносна маёмасці далучэнне словаўтваральных афіксаў да матывавальнай асновы выклікае пэўныя марфаналагічныя змены ўтваральнай асновы: нелінейныя: 1) змена месца націску (мануфактура→мануфактурыст, ферма→фермер (адначасова чаргаванне зычнага ў фіналі асновы) і інш. ); 2) чаргаванне фанем у сярэдзіне ўтваральнай асновы: а) галосных (мільён→мільянер (адначасова мена месца націску)), б) галоснай з нулём гука (фальварак→фальварковец (адначасова мена месца націску), 3) чаргаванні зычнага ў фіналі асновы (банк→банкір (адначасова мена месца націску), валока→валочнік, вотчына→вотчыннік, дзед→дзедзіч, дзед→дзедзіц, мыза→мызнік, пасэсія→пасэсар, рэстарацыя→рэстаратар (адначасова ўсячэнне асновы)) і нелінейныя: усячэнне матывавальнай асновы (плантацыя →плантатар).
Такім чынам, семантычная прымета ‘назва асобы паводле маёмасці’ў сучаснай беларускай мове рэалізавана назоўнікамі жаночага і мужчынскага роду са значэннем персанальнасці, утварэнне якіх адпавядае граматычным мадэлям (граматычная мадэль – гэта схема ўтварэння слова з улікам часцінамоўнай прыналежнасці і класіфікацыйных граматычных катэгорый матывавальнага і матываванага слоў [5, 10]) N. адуш. ж. → N. адуш. м., N. неадуш. м. → N. адуш. м., N. адуш. м. → N. адуш. м., N. адуш. м. → N. адуш. ж.
Спіс літаратуры:
1. Беларуска-рускі слоўнік: у 2 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; рэд. К. К. Ат- раховіч (Кандрат Крапіва). – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск: БелСЭ, 1988 – Т. 1. – 813 с.; 1989. – Т. 2. – 748 с.
2. Берталанфи фон Л. История и статус общей теории систем/ Берталанфи фон Л. // Системные исследования: ежегодник. – М., 1973. – С. 21 –30.
3. Варановіч, В. Л. Словаўтварэнне назоўнікаў у беларускай мове / В. Л. Варановіч; пад рэд. П. У. Сцяцко. – Гродна: ГрДУ, 2005. – С. 67.
4. Гак, В.Г. К проблеме гноселогических аспектов семантики слова / В. Г. Гак // Вопросы описания лексико-семантической системы языка: тез. док. – М.. 1971. – Ч. 1. – С. 94 -96.
5. Лукашанец, А. А. Граматычны аспект славянскага словаўтварэння / А. А. Лукашанец. – Мінск, 1998. – С. 10.
6. Лукашанец, А.А. Словаўтварэнне і граматыка / А. А. Лукашанец. – Мінск:
7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск: БелСЭ, 1977–1984.
8. Хацкевіч, В.Б. Суфіксальнае словаўтварэнне назоўнікаў, якія абазначаюць асобу мужчынскага полу ў сучаснай беларускай мове // Даследаванні па беларускай і рускай мовах. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1958. – С. 176.