Увага! Всі конференції починаючи з 2014 року публікуються на новому сайті: conferences.neasmo.org.ua
Наукові конференції
 

АСАЦЫЯТЫЎНАЕ ПОЛЕ КАНЦЭПТУ “НАРОД”

Автор: 
Алена Калеснікава (Віцебск, Беларусь)

У сувязі з усталяваннем антрапацэнтрычнай парадыгмы ведаў у сучасных лінгвістычных даследаваннях аб’екты вывучэння аналізуюцца перш за ўсё па іх ролі для чалавека, іх прызначэнні і функцыях. Антрапацэнтрызм выяўляецца ў тым, што чалавек становіцца кропкай адліку ў аналізе тых ці іншых з’яў, што ён уключаецца ў гэты аналіз і вызначае яго перспектыву і канчатковыя мэты. Адным з актуальных аб’ектаў мовазнаўчых даследаванняў з’яўляецца канцэпт – складанае ментальнае ўтварэнне, у якім адлюстраваны культурна-гістарычны вопыт народа, асаблівасці яго светаўспрымання. Канцэпт характарызуецца складанай структурай. З аднаго боку, у яго склад уваходзіць тое, што з’яўляецца зместам паняцця, з другога – тое, што робіць канцэпт з’явай культуры: этымалогія, асацыятыўныя рады, ацэнкі і канатацыі.

У сучасных даследаваннях пры апісанні структуры таго ці іншага канцэпту выкарыстоўваецца, як правіла, адразу некалькі крыніц матэрыялу. У большасці прац на пачатковым этапе вывучэння канцэптаў выкарыстоўваюцца звесткі з лексікаграфіі. Часта мэтай аналізу дэфініцый лексікаграфічных крыніц з’яўляецца вызначэнне прымет ядра канцэпту. На наступных этапах магчыма далучэнне асацыятыўнага і / або дыскурсіўнага матэрыялу, мэтай чаго можа быць, у прыватнасці, апісанне перыферыйных слаёў канцэпту.

Аднак, на наш погляд, нельга з упэўненасцю сцвярджаць, што аналіз лексічных значэнняў, прадстаўленых у лексікаграфічных крыніцах, дазваляе апісаць менавіта ядро структуры канцэпту, а аналіз асацыятыўных рэакцый – толькі перыферыю. Лічыцца, што ядро канцэпту, якое вылучаецца з дапамогай аналізу лексікаграфічных крыніц, будзе ўяўляць сабой мінімальную і найбольш агульную частку канцэптуальнага зместу, адлюстроўваючы ў асноўным яго нявобразныя кампаненты. Гэты шлях можа здавацца прыярытэтным, а вынікі даследавання такога тыпу – больш значнымі, калі лічыць, што асацыяцыі адлюстроўваюць толькі індывідуальныя элементы зместу канцэпту. Аднак сучасныя даследаванні асацыятыўнага матэрыялу ставяць пад сумненне згаданы пункт гледжання. Мы мяркуем, што пры ўмове правядзення масавых эксперыментаў асацыятыўны матэрыял раскрывае не толькі індывідуальныя, але і нарматыўныя вобразныя кампаненты зместу.

З мэтай прасачыць асаблівасці функцыянавання канцэпту “народ” у беларускай моўнай свядомасці звернемся да слоўнікавай дэфініцыі адпаведнай лексемы, а таксама да звестак «Славянского ассоциативного словаря» [1], створанага па выніках правядзення свабоднага асацыятыўнага эксперыменту.

Найбольш поўны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае наступныя значэнні лексемы народ:

1. Насельніцтва якой-небудзь краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны;

2. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў;

3. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ // У гістарычным матэрыялізме – сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства;

4. Людзі. Сабралася шмат народу // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі – народ спрытны.

У якасці ўстойлівага спалучэння прыводзіцца адзінка савецкі народ – новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнага будаўніцтва [3, с. 300-301].

Больш позні па часе выдання “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” дае наступнае азначэнне лексемы народ:

1. Усё насельніцтва пэўнай дзяржавы, жыхары краіны. Народ Беларусі;

2. Працоўная маса насельніцтва той ці іншай краіны. Просты народ. Выхадцы з народа;

3. Розныя формы гістарычных супольнасцей (племя, народнасць, нацыя). Беларускі народ;

4. Вялікая група людзей. На мітынг прыйшло многа народу [2, с. 374].

Асацыятыўнае поле канцэпту ўтвараецца сукупнасцю асацыятаў на стымул – ключавую лексему-рэпрэзентант. Атрыманыя рэакцыі інтэрпрэтуюцца як моўныя сродкі аб’ектывацыі тых або іншых кагнітыўных прымет канцэпту, названага стымулам. Аналіз найбольш частотных рэакцый на слова народ, змешчаных ў артыкуле беларускай часткі «Славянского ассоциативного словаря», паказаў, што для беларусаў, народ – гэта, перш за ўсё, беларускі 58, людзі 45, беларусы 34, нацыя 31, толпа 20 і г.д. Сярод адказаў інфармантаў шырока прадстаўлены асацыяцыі, звязаныя менавіта з беларускай нацыяй: беларускі 58, беларусы 34, Беларусь 6, Беларусі, беларус. Прысутнічаюць таксама і найменні іншых народаў: чукча 2, немцы, рускі, русские.

Наяўнасць сінанімічных рэакцый людзі 45, нацыя 31, этнас 3, насельніцтва, нация, нацыянальнасць 2, грамадства, люд, раса і інш. тлумачыцца падабенствам, блізкасцю адпаведных паняццяў. Побач з тэрміналагічнай лексікай (раса, этнас) прадстаўлена і лексіка размоўная, што сведчыць пра цеснае ўзаемадзеянне навуковай і “наіўнай” карцін свету (быдла 3, дурні 2, алкаши і г.д.).

Сярод асацыяцый інфармантаў пэўнае месца займаюць адзінкі фразеалогіі ў шырокім разуменні. Сюды мы адносім уласна фразеалагізмы, а таксама парэміі, перыфразы, афарызмы, крылатыя выразы і агульнавядомыя выслоўі, якія з прычыны свайго частага паўтарэння, шырокага ўжывання набываюць характар своеасаблівых штампаў і набліжаюцца да ўстойлівых спалучэнняў. Як правіла, у адказах інфармантаў фразеалагізмы прыводзяцца не цалкам, а ў скарочаным, сціслым, трансфармаваным выглядзе, што адпавядае форме іх захавання ў памяці носьбіта мовы (народ – і партыя 2, бывае кусачы толькі ад жыцця сабачага, і партыя – адно цэлае, и партия едины). Як бачна, асабліва часта згадваецца лозунг часоў СССР «Народ и партия едины», які з’яўляўся элементам дзяржаўнай прапаганды, стымуляваў непраціўленне рашэнням партыйных органаў і дэклараваў ролю КПСС, як выразніка інтарэсаў усяго народа краіны. У прааналізаваным матэрыяле знаходзяць сваё ўвасабленне і іншыя рэаліі савецкіх часоў, а таксама адгалоскі Вялікай Айчыннай вайны (вайна, калгаснікі, красный стяг, многанацыянальны, немцы, сцяг з лозунгам і інш.). З’яўляючыся для кожнага чалавека неад’емным спосабам выражэння яго нацыянальнай ідэнтычнасці, канцэпт “народ” вымушаны несці на сабе і ўвесь цяжар палітычнай гісторыі краіны.

Як і любой сацыяльнай групе, супольнасці людзей, народу павінен быць уласцівы пэўны кіраўнік, што і знайшло сваё адлюстраванне сярод асацыяцый інфармантаў: прэзідэнт 7, Лукашэнка 2, дыктатар, і прэзідэнт, кіраўнік, Лукошенко, начальнік, цар. Цікавым уяўляецца той факт, што ў рускай і ўкраінскай частках слоўніка сярод адказаў адсутнічаюць прозвішчы кіраўнікоў дзяржаў (выключэнне складае адзінкавая рэакцыя Ленін у рускіх адказах).

Даволі частотнымі з’яўляюцца рэакцыі, у якіх рэалізуецца адзін са складнікаў апазіцыі “сваё” – “чужое”: мой 10; мы 9, свой 5, наш 4, мае землякі, я. Патрыятычныя пачуцці носьбітаў мовы рэалізуюцца ў наступных асацыяцыях: радзіма 3, родны 3, Радзіма 2, Бацькаўшчына, і Радзіма, патрыёт, родина, родныя людзі.

У цэлым народ у свядомасці моўнікаў ацэньваецца станоўча: народ – мужны 8, разумны 5, дружны 3, моцны 3, мудры 3, працавіты 3, мірны 2, божы, дабрата, дружба, любімы, любіць, любоў, сплочённый, счастливый, сяброўства, шчодры, шчыры. Аднак народ можа быць і дурны 17, бедны 10, галодны 5, глупый 3, дурні 2, бесталковы, неразумны, няшчасны, падмануты, слабы. Апошнія асацыяцыі могуць быць выкліканы актуалізацыяй ў свядомасці інфармантаў семы ‘ніжэйшы клас’ – сацыяльны пласт, што складаецца з людзей, якія займаюць нязначнае, непрывілеяванае становішча, не карыстаюцца аўтарытэтам, характарызуюцца нізкім узроўнем адукаванасці і супрацьпастаўляюцца “арыстакратыі” і “эліце” (быдла 3, цёмны 3, забіты 2, сляпы 2 і інш.).

Народ у свядомасці моўнікаў уяўляецца ў выглядзе адзінства, згуртавання, сукупнасці, са строга не вызначанай, але вялікай колькасцю людзей, што яго ўтвараюць: многа 6, шмат 5, многа людзей 3, шмат людзей 3, мноства і інш. Народ, які ўспрымаецца як натоўп, характарызуецца адмоўна, бо ўяўляе сабой выпадковае згуртаванне людзей, якія аб’ядноўваюцца ў прасторы часовымі інтарэсамі, гэта хаатычнае цэлае, пазбаўленае ўнутранай арганізаванасці і, як следства, стыхійнае і бескантрольнае: толпа 20, натоўп 12, стадо 5, статак 2, хаос 2, сацыяльны хаос, статак жывёл, толпы. Негатыўна ацэньваецца і сукупнасць людзей у выглядзе безаблічнай масы: масса 6, куча 2, маса 2, авечкі, мурашкі, мяса, шэрасць.

Значнае месца сярод рэакцый займаюць разнастайныя тэрміны паліталогіі, сацыялогіі, ідэалогіі і іншых грамадскіх навук, якія часта ўжываюцца ў сродках масавай інфармацыі і ў паўсядзённым жыцці: нацыя 31, мітынг 3, улада 3, этнас 3, менталітэт 2, дэмакратыя, дэманстрацыя,выбары, рэвалюцыя.

Даволі часта сярод асацыяцый сустракаюцца і іншыя ключавыя канцэпты культуры: зямля 5, чалавек 4, радзіма 3, сям’я 2, культура 2, воля, мова, сяброўства, хлеб і інш., што сведчыць пра цесныя ўзаемасувязі паміж гэтымі ментальнымі адзінкамі ў складзе канцэптасферы.

Трэба адзначыць, што сярод адказаў адзначаны шматлікія парушэнні правапісу, вялікай колькасць рускіх слоў. Гэта сведчыць пра цеснае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзвюх моў, што прыводзіць да беларуска-рускай інтэрферэнцыі.

Такім чынам, устаноўлена, што ў асацыятыўным полі канцэпту “народ” паслядоўна рэалізуюцца яго ядзерныя сэнсы, зафіксаваныя ў дэфініцыях адпаведнай лексемы, а таксама ўвасабляюцца разнастайныя ацэнкі і пачуцці, што складаюць перыферыю ў структуры гэтага ментальнага ўтварэння. Аналіз матэрыялаў асацыятыўных слоўнікаў дае магчымасць глыбей спасцігнуць механізм спараджэння маўленчай дзейнасці, прасачыць асаблівасці функцыянавання канцэптаў, вызначыць характар сувязей гэтых ментальных адзінак у свядомасці чалавека.

 

Літаратура:

1. Славянский ассоциативный словарь: русский, белорусский, болгарский, украинский / Н.В. Уфимцева, Г.А. Черкасова, Ю.Н. Караулов, Е.Ф. Тарасов. – М., Наука, 2004. – 800 с.

2. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65 000 слоў / Пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко; Афармленне А.М. Хількевіча. – 2-е выд. – Мн.: БелЭн, 1999. – 784 с.

3. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агульн. рэд. К.К. Атраховіча (К. Крапівы); рэдкал.: А.Я. Баханькоў, П.М. Гапановіч, М.П. Лобан, М.Р. Суднік; АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. – Мінск: БелСЭ, 1977-1984. – Т. 3. Л – П. / рэд. тома П.М. Гапановіч. – 1979. – 672 с.